top of page

Дзмітрый і Надзея Кахно: “Жыць у чароўнай атмасферы”

Звычайна ў той час, калі ўсе ў сямейным коле пад бой гадзінніка сустракаюць Новы год, яны працуюць. Яна — арганізатарам святочнага мерапрыемства, а ён — вядучым. Напярэдадні навагодніх і калядных свят мы змаглі ўклініцца ў шчыльны рабочы графік і сустрэцца з вядомым тэлежурналістам і вядучым Дзмітрыем Кахно і яго жонкай — саўладальнікам івент-агенцтва Надзеяй.


— Дзмітрый, калі і як вы апынуліся на тэлебачанні?


— Гэта быў 2008 год. На тэлеканале “Лад” выходзіла праграма “Слова пісьменніка”.


Я быў размеркаваны на практыку ў аддзел маркетынгу на тэлебачанне, а потым мяне ўзялі асістэнтам рэжысёра тэлебачання на 0,5 стаўкі, бо я тады вучыўся на 5 курсе дзённага аддзялення вышэйшага каледжа сувязі і шукаў, дзе можна было знайсці падпрацоўку.


Асістэнтам рэжысёра я папрацаваў, відаць, хвілін 8. (Смяецца.) Я зайшоў да галоўнага рэжысёра Уладзіміра Пестава і паведаміў яму, што мяне ўзялі на работу ў якасці асістэнта рэжысёра. “Ты адкуль будзеш?” — запытаўся ён. “З каледжа сувязі”, — адказаў я. “Мне выпускнікоў акадэміі мастацтваў няма куды ўладкаваць, а ты тут са сваім каледжам”. Я зразумеў, што асістэнтам мне не быць, і пагадзіўся працаваць адміністратарам і дырэктарам здымачнай групы ў аддзеле духоўных і асветніцкіх праграм Белтэлерадыёкампаніі, у якой выходзілі праграмы “Існасць”, “Благовест” і іншыя. Я працаваў з дакументамі.


Каб мець магчымасць працаваць у кадры, трэба найперш трапіць у гэты вялікі тэлевізійны дом. Так здарылася, што ў нейкі момант тэрмінова была патрэбна замена вядучага праграмы “Слова пісьменніка”. Інга Бялова ўбачыла ўва мне патэнцыял і прапанавала маю кандыдатуру. Так я трапіў у кадр і пасля цэлы сезон вёў гэтую праграму.


А потым пачалася мая сур’ёзная праца і кар’ерны рух. У той час я трапіў на курсы тэлевядучых, запісаў свае першыя стэндапы, якія былі паказаны кіраўніцтву тэлебачання. Мяне запрасілі стаць карэспандэнтам АТН, і так я прайшоў шлях ад першай “відзюхі” (40-секунднага відэасюжэта з закадравым тэкстам) да ўласных праграм.


— Атрымліваецца, ваша тэлевізійная кар’ера — гэта вынік таго, што вы апынуліся ў патрэбны час у патрэбным месцы?


— Пра тэлевізійную кар’еру я ніколі не марыў. Разлічваў, што, вучачыся на дзённым аддзяленні, знайду падпрацоўку, каб мець магчымасць аплачваць арэнду кватэры і не жыць разам з бацькамі. Гэтага хацелася і мне, і бацькам не па прычыне канфліктаў, а з-за таго, што, як прынята ў нашай сям’і, трэба было станавіцца самастойным. І жыццё падарыла мне шанс папрацаваць у кадры, метавіта там я стаў строіць сваю кар’еру, не разумеючы, ці патрэбна гэта мне. На той момант гэта было адзінае, за што можна было схапіцца. І так здарылася, што пэўных маіх якасцей пры адпаведнай ступені іх развіцця было дастаткова, каб спраўляцца з пастаўленай задачай.


— З чаго пачаўся ваш шлях у жыццё, што адметнага было ў школьныя гады?


— Я вучыўся ў трох школах: 122-й, 202-й і 203-й. Першы раз школу давялося памяняць, калі мы пераехалі з Зялёнага Лугу ва Уручча. Наступная змена месца навучання была звязаны з тым, што 202-я школа мела эстэтычны напрамак, а 203-я — фізіка-матэматычны. Мае бацькі — інжынеры па адукацыі, таму вырашылі накіраваць мяне па такім жа шляху, маўляў, спецыялісты з тэхнічнай адукацыяй заўсёды будуць патрэбны.


Школьныя настаўнікі вельмі моцна паўплывалі на мяне ў розных напрамках жыцця. Калі ўзнікае кантакт паміж вучнем і педагогам, ён можа даць маленькаму чалавеку многае, на што вучань потым, у дарослым узросце, зможа абапірацца.


З педагогамі адносіны складваліся па-рознаму, але я заўсёды быў любімчыкам у настаўнікаў рускай мовы і літаратуры і фізкультуры. І гэта пры тым, што з’яўляўся не самым лепшым вучнем па мове і літаратуры і далёка не самым галоўным школьным чэмпіёнам. Гэта праяўлялася вельмі цікава.


Чалавек, якога памятае, відаць, не адно пакаленне навучэнцаў нашай школы, — гэта настаўнік рускай мовы і літаратуры Вячаслаў Леанідавіч Клімовіч. Мікрараён, у якім жыла мая сям’я і дзе знаходзілася наша школа, межаваў з вёскай Копішча, дзе жыў гэты педагог. Ён быў сапраўдны славянскі мужык: у добрай фізічнай форме, насіў вусы, а калі збіраў руку ў кулак, мы дзівіліся, што кулак можа быць настолькі вялікім. І калі ён стукаў кулаком па стале, мы заміралі. Ён навучыў нас самаму галоўнаму — імкненню да ведаў і спробам знайсці нешта цікавае. Пастаянным заданнем на кожны ўрок рускай мовы было знайсці новае складанае слова. Пры праверцы дамашняга задання абавязкова неабходна было правільна запісаць на дошцы нейкае складанае слова, якое дыктаваў хтосьці з аднакласнікаў. У 6—7 класах гэта было вельмі эфектыўна і прымушала нас корпацца ў слоўніках і шукаць новыя словы. Калі мы сталі старэйшымі, такія заданні ўжо не ўяўлялі цікавасці. Вячаслаў Леанідавіч заваяваў наш аўтарытэт найперш сваёй харызмай. Потым ён аднойчы здзівіў нас, вокам адкрыўшы бутэльку газіроўкі (я амаль упэўнены, што гэта быў розыгрыш, але мы ўсё роўна паверылі настаўніку). Ён прымушаў нас вучыцца і развівацца.


З гэтым педагогам звязана яшчэ адна гісторыя. Вячаслаў Леанідавіч пісаў вершы. Яму вельмі хацелася іх апублікаваць, але такой магчымасці ў той час не было. І ён адпраўляў творы на конкурсы, падпісваючы іх маім імем. Аднойчы ён прынёс мне газету з вершам пераможцы конкурсу да 30-годдзя Першамайскага раёна. Верш быў падпісаны “Дзіма Кахно”. Да гэтага моманту я не ведаў, што ён падпісвае вершы маім імем. (Смяецца.)


З дзяцінства ў мяне была вельмі вялікая цяга да чытання. Напачатку гэта прывівалі бацькі, прымушаючы чытаць па 10 старонак у дзень. Было нецікава і сумна, і гэтыя старонкі здаваліся бясконцымі. Я нават кнігу памятаю: “Чёрный красавчик” Ганны Сьюэл — адна з найбольш вядомых у свеце кніг аб жывёлах расказвае пра прыгожага каня. Але калі я адкрыў для сябе “Прыгоды Рабінзона Круза”, усё пайшло само сабой. Так я палюбіў літаратуру і паглынаў яе тонамі. Мая начытанасць (перавагу я аддаваў жанру фэнтэзі) дазваляла мне добра пісаць дыктоўкі. Я мог дапусціць памылку ў пастаноўцы знакаў прыпынку — пунктуацыя ў мяне была, можна сказаць, аўтарская (смяецца), але з арфаграфіяй усё было ў парадку. Справа ў тым, што я запамінаў словы візуальна і пісаў іх правільна, нават не ведаючы правіл.


У каледжы гісторыя паўтарылася. Я ніколі не імкнуўся вучыць мову і літаратуры. Усё ішло само сабой. Але выкладчык у пэўны час паведаміла мне, што я іду на алімпіяду па рускай мове і літаратуры. Гэта было вельмі сур’ёзна, бо на алімпіяды адпраўлялі вельмі добрых навучэнцаў. І раптам сярод іх я! Матывацыя была жалезная: “Не пойдзеш — не пастаўлю залік!”


Уявіце: у зале камісія з васьмі жанчын-выкладчыц і сарака дзяўчат-удзельніц. І сярод іх я — адзіны хлопец. Заданні былі асаблівыя: трэба было напісаць дыктоўку, пераказ, сачыненне і прачытаць верш. Дыктоўку, як заўсёды, я напісаў добра, а сачыненне і пераказ, як і абяцаў, заваліў. Дайшла чарга да дэкламацыі верша.


Уявіце сабе сітуацыю: сорак удзельніц адна за адной высокімі дзявочымі галасамі чытаюць ліст Таццяны да Анегіна. І тут выходжу я і пачынаю гучным голасам, у якім ужо прарэзаліся барытанальныя фарбы, чытаць: “Я памятник себе воздвиг нерукотворный…” Сыходзіў са сцэны я пад апладысменты і, безумоўна, гэтую частку алімпіяды выйграў. (Смяецца.)


— Поспех прыйшоў ужо тады?


— Гэта быў не поспех, але пэўныя перадумовы ўжо адзначаліся. Яшчэ ў чацвёртым класе, калі перайшоў у 202-ю школу, атрымаў крыўдную мянушку Кока-кулямёт — з-за таго, што пісаў хутчэй за ўсіх вучняў нашага класа.


Ды і ў дзіцячым садку чытаць умелі толькі двое: я і мой сябар Вася-акулярык. І мне заўсёды было вельмі крыўдна, што Васю часцей аддавалі перавагу чытаць услых кніжку ўсім дзецям. Добра, што ён насіў акуляры і мне было да чаго дачапіцца. (Смяецца.)


— Каго з настаўнікаў найбольш запомнілі?


— Яшчэ ў 122-й школе ў нас была настаўніца вельмі сталага веку. І неяк яна расказала, як у час вайны яе ў цягніку везлі ў канцэнтрацыйны лагер. Разам з ёй знаходзіліся яе сябры і сваякі. Па шчаслівай выпадковасці, на адной станцыі немцы забыліся зачыніць вагон, у якім везлі гэтых людзей. І яны на хаду, каб уратавацца ад смерці, выскоквалі з вагона. Нас вельмі ўразіла гэтая гісторыя і, відаць, таму настолькі запомнілася.


З часу вучобы ў каледжы і гульні ў валейбольнай зборнай засталася ў памяці трэнер Алена Канстанцінаўна Гейсік. Гэта адзіны выкладчык, якога за спінай мы называлі мамай (яна гэта вельмі не любіла). Яна важдалася з намі, як сапраўдная маці: сваім выхаванцам дапамагала ў паступленні і вучобе, атрыманні стыпендый, уладкаванні ў інтэрнаце, у здачы праблемных экзаменаў і залікаў, абароне дыплома, нават у працаўладкаванні і прасоўванні па кар’еры. (Смяецца.) І тры разы на тыдзень, кожны раз пасля трэніроўкі, мы ўсёй камандай чакалі, пакуль яна зачыніць спартыўную залу, і абавязкова ўсе разам ішлі да метро.


— Ці бываеце ў сваёй школе?


— Апошні раз быў там улетку 2017 года. Неяк раздаўся тэлефонны званок — мяне запрасілі правесці выпускны баль… у маёй 203-й сярэдняй школе. Канечне, я адразу пагадзіўся. Прыехаўшы ў школу, адзначыў, якой маленькай яна стала. У дзяцінстве ўсе памяшканні школы — класы, раздзявальні, сталовая — здаваліся такімі вялікімі, а зараз нібы сціснуліся.


Па магчымасці падтрымліваю стасункі з аднакласнікамі. А вось трапіць на вечар сустрэчы з выпускнікамі магу, на жаль, вельмі рэдка з-за рабочага графіка. Часам сустракаю настаўнікаў, з якімі да сённяшняга дня засталіся вельмі цёплыя і паважлівыя адносіны. І на школу зуб я ніколі не меў, бо лічу, што гэта самае светлае, што ёсць у жыцці кожнага чалавека. Ды і адчуваю сябе я не зусім як выпускнік, бо пасля 9 класа паступіў у каледж. На маю думку, свядомы школьны канэкт нараджаецца менавіта ў апошнія два гады — у старшай школе.


— Хто выбіраў навучальную ўстанову, у якую трэба ісці пасля школы?


— Мая маці вельмі хвалявалася за мой далейшы лёс і баялася, што з маімі поспехамі (хаця вучыўся я на моцную “чацвёрку” па пяцібальнай шкале) пасля 11 класа я нікуды не паступлю, таму, даведаўшыся, што мой аднакласнік Жэня Рован падае дакументы ў каледж сувязі, параіла і мне паспрабаваць паступіць туды.


Экзамены я здаў на “тройкі” і шансаў паступіць не меў (Жэня ўступныя выпрабаванні здаў крыху лепш і паступіў на платную форму навучання). Жэню запрасілі на сход абітурыентаў, і ён прапанаваў мне паехаць з ім. “Чаго мне ехаць, я ж ведаю, што не паступіў”, — адказаў я. “Давай закладацца на скрыню піва, што паступіш!” — упэўнена сказаў Жэня. На той час для нас, 16-гадовых падлеткаў, якія ўпотай ад дзяржавы і бацькоў папівалі піва, скрыня гэтага напітку супастаўлялася з астранамічнай сумай. Мы стукнулі па руках і паехалі. Тады гэта была самая вялікая мая спрэчка, і я ўпершыню прымаў такое важкае ў фінансавым плане рашэнне. І тут высветлілася, што кіраўніцтва каледжа вырашыла ўзяць усіх, хто станоўча здаў экзамены. Я прайграў. Грошай, канечне, было шкада, але скрыню піва сябру я купіў. (Смяецца.)


Дзякуючы добра здадзеным унутраным экзаменам, на вышэйшую ступень адукацыі я паступіў на бюджэт, а скончыў каледж з павышанай стыпендыяй. Адукацыя пасля школы дае магчымасць ператварыцца з невука ў сталага дасведчанага чалавека. І галоўнае ў гэтым — твая матывацыя і асабістае жаданне.


Але павышаную стыпендыю я атрымліваў не з-за таго, што вучыўся лепш за ўсіх, — для гэтага трэба было прыкладаць больш намаганняў. Я ўвайшоў у зборную па валейболе, меў дазвол на вольнае наведванне і атрымліваў павышаную спартыўную стыпендыю. Было цікава назіраць, як на агульным зборы за атрыманнем медалёў і павышаных стыпендый выклікалі трох самых галоўных батанаў і Дзіму Кахно.


— Сталася так, што па атрыманых у каледжы і ВНУ спецыяльнасцях вы не працавалі. Ці шкадуеце пра гэта?


— Скончыў я два ўзроўні вышэйшага каледжа сувязі (зараз — акадэмія сувязі). Паступіў на спецыяльнасць “Тэхнічная эксплуатацыя сетак тэлекамунікацый”, а потым, праз 4 гады, пайшоў на “Эканоміку і маркетынг”. І сталася так, што не працаваў ні інжынерам, ні маркетолагам.


Пра тое, што не ўдалося працаваць па атрыманых спецыяльнасцях, сапраўды шкадую. Калі тэхнічная спецыяльнасць мяне не вельмі прываблівала і я паступаў на яе, таму што добра разумеў алгебру і нядрэнна — фізіку, то на маркетынг ішоў ужо абсалютна свядома. Мне было 19 гадоў, і я дакладна ведаў, чым адназначна не хачу займацца ў будучыні.


На трэцім курсе я сам стаў чытаць кнігі па маркетынгу, і гэта давала мне магчымасць аргументавана спрачацца з выкладчыкамі, за што я час ад часу атрымліваў “незалікі” і нездавальняючыя адзнакі.


Некалькі гадоў пасля атрымання вышэйшай адукацыі ў мяне быў комплекс нерэалізаванага спецыяліста. Атрыманыя веды ў выніку спатрэбіліся. Абсалютна ўсе рэпартажы праграм “Сфера інтарэсаў” і “Дзелавое жыццё”, якія так ці інакш тычыліся маркетынгу, я здымаў сам. Акрамя ўсяго іншага, інстытут вучыць вучыцца, закладваючы шэраг базавых ведаў. Так казала мая маці, ды і я ў гэтым упэўнены.


У дзіцячым садку, у школе, у інстытуце нам даюць заданні, і мы іх выконваем. Але, каб адбыцца ў прафесіі, гэтага недастаткова. Ва ўсіх студэнтаў наступае пераломны момант у навучанні. На працягу гэтых 4 ці 5 гадоў кожны павінен пачаць вучыцца сам. Нехта пачынае па-сур’ёзнаму ставіцца да вучобы ўжо на першым курсе, а да мяне разуменне, што я магу і ведаю, як узяць патрэбную інфармацыю (нават калі гэтага не задавалі), прыйшло на трэцім курсе. Я ўсвядоміў, што, правучыўшыся ўсё жыццё, так нічога і не ведаю… І тады, закінуўшы мастацкую літаратуру, пачаў чытаць кнігі па маёй будучай спецыяльнасці.


— Як вы ацэньваеце вашы першыя выхады ў эфір?


— Людзі, якія былі побач, хвалілі мяне. Аднак мне самому было вельмі сорамна за гэтыя перадачы. Я вельмі баяўся. Адна з прычын — у мяне не ўсё добра было з беларускай мовай: у школе меў па ёй слабую “чацвёрку”. У залежнасці ад таго, які пісьменнік прыходзіў у студыю, праграма выходзіла на рускай або беларускай мове. І калі з рускай я не меў праблем, то пытанні, якія павінен быў задаваць падчас запісу беларускамоўнаму пісьменніку, даводзілася літаральна завучваць на памяць. Бывала, захапіўшыся размовай, хацеў задаць уласнае пытанне і спрабаваў перакласці думку на беларускую мову. І калі хаця б адно слова не перакладалася, адкідаў гэтую ідэю і шпарыў далей па завучаных пытаннях. Я вельмі баяўся дапусціць памылку ў размове з дасведчаным чалавекам і цвёрда трымаўся сцэнарыя. Дзіўна, што пасля інтэрв’ю беларускія пісьменнікі вельмі хвалілі мяне і пыталіся: “Дзе вы знайшлі гэтага хлопца (а мне тады было крыху больш за 20 гадоў)? Ён размаўляе на мове Купалы і Коласа!..” (Смяецца.) І дзякуй богу, што я потым перайшоў у іншую рэдакцыю.


— Надзея, раскажыце, адкуль вы родам і як праходзілі вашы школьныя гады?


— Я таксама родам з Мінска і ўсё жыццё пражыла тут. Скончыла 6-ю політэхнічную гімназію. У нас там, зразумела, было шмат матэматыкі і фізікі, што мяне не вельмі радавала, але даводзілася знаходзіць для сябе цікавыя моманты.


У пачатковай школе праблем не было, а потым яны пачаліся. Але былі настаўнікі, якія матывавалі мяне да навучання. У пачатковай школе гэта была Вольга Пятроўна, а калі мы ў 9 класе перайшлі вучыцца ў іншы корпус — Людміла Пятроўна Журава, неверагодны настаўнік матэматыкі. Я сама так не верыла ў сябе ў матэматыцы, як яна. І нават, па яе парадзе, займалася з рэпетытарамі, але потым ўсё ж зразумела, што матэматыка — гэта не маё. Больш хацелася вучыць замежную мову, гісторыю.


Вельмі любіла ў школе ўдзельнічаць у мастацкай самадзейнасці і заўсёды была ў першых радах. Цікава, што з адной з сябровак у нас заўсёды існавала пэўная канкурэнцыя. Жыццё склалася так, што зараз менавіта з ёй мы маем агульны бізнес.


У выніку я пайшла вучыцца на юрыста, паступіўшы на завочнае аддзяленне Беларускага інстытута правазнаўства. Адносіны выкладчыкаў былі выключныя: калі ты прыходзіў туды па веды — ты іх атрымліваў.


— Фізіка, матэматыка — і раптам івент-агенцтва… Як так атрымалася?


— Я ніколі не лічыла, што калі ты вывучышся, напрыклад, на юрыста, то абавязкова павінен працаваць юрыстам. Для мяне выбар адукацыі не быў выбарам прафесіі — у нейкія рамкі я сябе не замыкала. Я больш разглядала гэта як старт у жыцці, як нейкі этап школы жыцця, які павінен быць у кожнага чалавека.


Да 18 гадоў я паспела папрацаваць і ў банку, і афіцыянткай, і барменам — прымерала на сябе шмат прафесій. Гэта мне вельмі дапамагае ў сённяшняй рабоце, бо я шмат чаго бачыла знутры ў тых прафесіях. А атрыманая юрыдычная адукацыя дапамагае ў вядзенні бізнесу. Акрамя таго, як ужо адзначыў Дзіма, ВНУ навучыла вучыцца. Памятаю, што пры напісанні курсавых работ магла пайсці на хітрыкі і, як гэта зараз модна, заказаць гатовую работу. А вось да напісання дыпломнай работы падышла цалкам свядома, усё пісала сама і адзіная на курсе абараніла яе на “дзявятку”. Інстытут выяўляе здольнасці чалавека да аналізу і самаадукацыі. Калі ўлічваць стаўленне выкладчыкаў да завочнікаў, пачуццё ўласнай годнасці не дазваляе табе “прасесці” па нейкім прадмеце і паказаць сябе дурнем, таму, у прыватнасці, для мяне было справай гонару даказаць выкладчыку сваё права на веды.


— Якое было першае мерапрыемства, арганізаванае вамі?


— Усё пачалося з паштовак ручной работы. Аб’яднаўшыся з маёй аднакласніцай, мы сталі вырабляць крафтавыя паштоўкі і прадаваць іх. Справа пайшла няблага. У пэўны момант, гадоў 10 назад, нашай работай зацікавілася адно буйное агенцтва і прапанавала размясціць вялікі заказ на 300 паштовак. І тут здарылася нечаканасць: сяброўка адмовілася далей развіваць гэты напрамак нашага маленькага бізнесу, заказ мне прышлося завяршаць самой. Кліент быў задаволены, і мне прапанавалі работу ў тым агенцтве, прычым адразу пастаянную зарплату, што бывае ў гэтым бізнесе вельмі рэдка. Першым мерапрыемствам, якое я арганізоўвала на пасадзе івент-менеджара, стала плэйбой-паці для адной IT-кампаніі. (Смяецца.) Не падумайце нічога дрэннага, усё было вельмі прыстойна, але стылістыка вечарыны вытрымлівалася менавіта ў гэтай тэматыцы: даўганогія прыгажуні з заечымі вушкамі і ў кароткіх спадніцах.


— Наколькі было цяжка абмяркоўваць з Дзмітрыем ваша вяселле?


— Вельмі лёгка. Ён сказаў: “Ты прафесіянал сваёй справы, і я табе поўнасцю давяраю”. Мы вызначылі бюджэт, спіс гасцей і сталі рыхтаваць свята. Гэта быў гарачы сезон, і, акрамя ўласнага, мне прыйшлося паралельна рыхтаваць яшчэ некалькі вяселляў. У значнай ступені гэта было свята для нашых бацькоў, бо мы на гэта ўжо наглядзеліся знутры. Хацелася падарыць бацькам казку такога важнага дня, а яшчэ хацелася, каб яны ўбачылі, чым займаюцца іх дзеці і што я не проста шарыкі надзімаю.


— З Дзмітрыем вы пазнаёміліся дзякуючы вашаму агенцтву. Як гэта адбылося?


— У той час Дзмітрый актыўна працаваў у якасці вядучага мерапрыемстваў, і я ведала пра яго. Бачыла на фотаздымках і па тэлебачанні. І, калі шчыра, спачатку ён мне не спадабаўся, я доўга вагалася, ці працаваць з ім увогуле.


Аднойчы да мяне звярнуўся мой аднакласнік Саша Лаўроў па дапамогу ў арганізацыі вяселля, паведаміўшы, што вядучага ён ужо выбраў і што гэта Дзмітрый Кахно. Я патэлефанавала Дзмітрыю і адразу адчула, што гэта вельмі пазітыўны чалавек, яго энергія адчувалася нават па тэлефоне. Таксама вельмі спадабаўся яго голас. Калі Дзіма прыехаў да нас у офіс заключаць дагавор, нашы вочы сустрэліся. З гэтага моманту жыццё стала іншым.


— Дзмітрый, але ж вы не верыце ў каханне з першага позірку…


— Так, але, напэўна, кожны хоць раз адчуваў пачуццё закаханасці ў чалавека, які табе цікавы. Ты яшчэ не ведаеш, што з гэтых адносін атрымаецца, але сусвет ужо падае табе нейкія сігналы. Мы абодва вельмі рацыянальныя з пункту погляду прыняцця рашэнняў, але пры гэтым абое вельмі тэмпераментныя. І яшчэ: мы ніколі не прымаем адказных рашэнняў увечары, а кіруемся прыказкай “пераначуем — болей пачуем”.


Мы пайшлі ўслед за пачуццямі. Сёння чалавецтву вядома, што ажаніцца па каханні — гэта самы рызыкоўны варыянт.


— Дзмітрый, для вас, калі я правільна разумею, Новы год — самы гарачы рабочы час…


— Сапраўды, працы шмат. Адзначаць Новы год людзі пачынаюць задоўга да 31 снежня і запрашаюць нас дапамагчы ў правядзенні свята. Мы не адмаўляем. У гэты час мы адносімся адно да аднаго з узаемаразуменнем і ўзаемапавагай, вельмі трапятліва ставімся да асабістага часу, адпачынку і спакою, імкнучыся дапамагаць, у чым можам. Безумоўна, за перыяд навагодніх свят стомленаць накопліваецца, але ў гэтым ёсць свой плюс: у другой палове студзеня мы можам дазволіць сабе добры адпачынак. Тут важна ўзважыць, што табе найболш важна: “Аліўе” ў навагоднюю ноч з усёй краінай ці гарачае сонца і кавалачак мора на цэлы тыдзень. Я прывык працаваць па святах, і, скажу шчыра, для мяне больш прыемна і цікава мець свята тады, калі ўсе працуюць. (Смяецца.) У такой рабоце і ў такім стылі жыцця ёсць адзін мінус: мы не можам, як большасць людзей, у суботу ўвечары сабрацца сям’ёй і проста пасядзець разам — усе выхадныя заняты.


— Надзея, які самы цікавы навагодні карпаратыў вам давялося праводзіць?


— Зусім нядаўна мы арганізоўвалі касцюміраванае кіберпанк-паці ў стылі фільмаў “Шалёны Макс” (Mad Max). Супрацоўнікі кампаніі праявілі актыўнасць і зацікаўленаць, таму ўсё вельмі добра атрымалася. Калі ва ўдзельнікаў мерапрыемства няма настрою, то любая, нават самая цікавая, задума і канцэпцыя можа праваліцца.


Кожны год мы рэалізоўваем канцэпт, які прасоўвае сучасную нацыянальную культуру. Праўда, часам даводзіцца пераконваць заказчыка, што беларуская культура — гэта не толькі хлеб-соль і ручнікі, сёння яна шматгранная і разнастайная. Сёлета ў аснову быў пакладзены вельмі папулярны ў свеце беларускі арнамент “Маладосць”.


— А ці бываюць няўдачы?


— А як жа без іх? Ідэальных праектаў не бывае, тым больш калі ён яшчэ і складаны, незвычайны і нешаблонны. Адзінае, што гэтыя няўдачы кліент не бачыць. Форс-мажоры здараюцца нават у самым вывераным мерапрыемстве. І наша задача ў тым, каб удзельнікі свята нічога не заўважылі. Аператыўная праца каманды ўсё згладжвае.


— Чаго вы чакаеце ад 2019 года?


— Раней ад Новага года я чакаў падарункаў, а зараз для мяне гэта адкрыццё новых магчымасцей: уручыць падарункі, сустрэцца з блізкімі людзьмі і сказаць ім добрыя словы. Нараджэнне сёлета сына нейкім дзівосным чынам настроіла ўсе роднасныя сувязі: так многа са сваякамі я раней не кантактаваў. І толькі зараз стаў разумець, наколькі важна захоўваць моцныя роднасныя сувязі і што, акрамя сваякоў, у мяне нікога на гэтай планеце няма. Надзя да гэтага прыйшла крыху раней, а я — толькі зараз.


— Чакаю спакою. Галоўнае, каб усе блізкія мне людзі былі здаровымі. Дзіма будзе працаваць, а я, нарэшце, гэты Новы год правяду з сям’ёй. Мы заўсёды некуды бяжым, і трэба час ад часу спыняцца, каб нават проста паразмаўляць.


— Якія падарункі больш падабаюцца: сюрпрызныя ці чаканыя?


— Усе падарункі добрыя. Я не вельмі здольны на сюрпрызы. Не магу доўгі час хаваць падарунак: лепш уручыць яго адразу, і няважна, што раней за патрэбную дату. За сюрпрызы адказвае Надзя. Аднойчы я прачнуўся раніцай, а ў пакоі ў гонар майго дня нараджэння былі запалены феерверкі.


— Дзмітрый, ці былі вы ў ролі Дзеда Мароза? Як бы параілі сустрэць гэты Новы год?


— Гады чатыры я падпрацоўваў Дзедам Марозам. Віншаваў дзяцей і дарослых. Калі вы яшчэ ніколі не былі ў статусе Дзеда Мароза, паспрабуйце ім стаць не толькі для дзяцей, але і для ўсіх сваіх блізкіх. У навагоднюю ноч адмоўцеся ад алкаголю і пастарайцеся наведаць максімальную колькасць сваякоў і сяброў, каб павіншаваць іх з Новым годам, заехаць на ўсе вядомыя вам дамашнія вечарынкі. Я лічу, што так хаця б раз у жыцці павінен зрабіць кожны. І гэта вельмі цікавая магчымасць правесці навагоднюю ноч у новым фармаце.


На маю думку, з 25 па 31 снежня людзі стновяцца крыху лепшымі. Мы пачынаем жыць у чароўнай атмасферы: усе віншуюць адно аднаго з Новым годам, уступаюць месцы, паціскаюць рукі… Дзіўна, чаму настрой людзей настолькі прывязаны да календара. Хіба нельга ўвесь год быць вясёлымі і пазітыўнымі?..


— Надзея, ці ёсць у вас нейкія абавязковыя элементы Новага года?


— Канечне, найперш гэта “Аліўе”. Як без яго?! Таксама абавязкова загадайце жаданне, дакладна яго сфармулюйце, напішыце на папяровай сурвэтцы. Пакуль гадзіннік бу-дзе адбіваць 12 гадзін, спаліце паперку, кіньце попел у бакал з шампанскім і выпіце. І жаданне абавязкова збудзецца — праверана на сабе.


24 просмотра0 комментариев
Пост: Blog2_Post
bottom of page