top of page

Дзмітрый і Надзея Кахно: “Жыць у чароўнай атмасферы”

Звычайна ў той час, калі ўсе ў сямейным коле пад бой гадзінніка сустракаюць Новы год, яны працуюць. Яна — арганізатарам святочнага мерапрыемства, а ён — вядучым. Напярэдадні навагодніх і калядных свят мы змаглі ўклініцца ў шчыльны рабочы графік і сустрэцца з вядомым тэлежурналістам і вядучым Дзмітрыем Кахно і яго жонкай — саўладальнікам івент-агенцтва Надзеяй.


— Дзмітрый, калі і як вы апынуліся на тэлебачанні?


— Гэта быў 2008 год. На тэлеканале “Лад” выходзіла праграма “Слова пісьменніка”.


Я быў размеркаваны на практыку ў аддзел маркетынгу на тэлебачанне, а потым мяне ўзялі асістэнтам рэжысёра тэлебачання на 0,5 стаўкі, бо я тады вучыўся на 5 курсе дзённага аддзялення вышэйшага каледжа сувязі і шукаў, дзе можна было знайсці падпрацоўку.


Асістэнтам рэжысёра я папрацаваў, відаць, хвілін 8. (Смяецца.) Я зайшоў да галоўнага рэжысёра Уладзіміра Пестава і паведаміў яму, што мяне ўзялі на работу ў якасці асістэнта рэжысёра. “Ты адкуль будзеш?” — запытаўся ён. “З каледжа сувязі”, — адказаў я. “Мне выпускнікоў акадэміі мастацтваў няма куды ўладкаваць, а ты тут са сваім каледжам”. Я зразумеў, што асістэнтам мне не быць, і пагадзіўся працаваць адміністратарам і дырэктарам здымачнай групы ў аддзеле духоўных і асветніцкіх праграм Белтэлерадыёкампаніі, у якой выходзілі праграмы “Існасць”, “Благовест” і іншыя. Я працаваў з дакументамі.


Каб мець магчымасць працаваць у кадры, трэба найперш трапіць у гэты вялікі тэлевізійны дом. Так здарылася, што ў нейкі момант тэрмінова была патрэбна замена вядучага праграмы “Слова пісьменніка”. Інга Бялова ўбачыла ўва мне патэнцыял і прапанавала маю кандыдатуру. Так я трапіў у кадр і пасля цэлы сезон вёў гэтую праграму.


А потым пачалася мая сур’ёзная праца і кар’ерны рух. У той час я трапіў на курсы тэлевядучых, запісаў свае першыя стэндапы, якія былі паказаны кіраўніцтву тэлебачання. Мяне запрасілі стаць карэспандэнтам АТН, і так я прайшоў шлях ад першай “відзюхі” (40-секунднага відэасюжэта з закадравым тэкстам) да ўласных праграм.


— Атрымліваецца, ваша тэлевізійная кар’ера — гэта вынік таго, што вы апынуліся ў патрэбны час у патрэбным месцы?


— Пра тэлевізійную кар’еру я ніколі не марыў. Разлічваў, што, вучачыся на дзённым аддзяленні, знайду падпрацоўку, каб мець магчымасць аплачваць арэнду кватэры і не жыць разам з бацькамі. Гэтага хацелася і мне, і бацькам не па прычыне канфліктаў, а з-за таго, што, як прынята ў нашай сям’і, трэба было станавіцца самастойным. І жыццё падарыла мне шанс папрацаваць у кадры, метавіта там я стаў строіць сваю кар’еру, не разумеючы, ці патрэбна гэта мне. На той момант гэта было адзінае, за што можна было схапіцца. І так здарылася, што пэўных маіх якасцей пры адпаведнай ступені іх развіцця было дастаткова, каб спраўляцца з пастаўленай задачай.


— З чаго пачаўся ваш шлях у жыццё, што адметнага было ў школьныя гады?


— Я вучыўся ў трох школах: 122-й, 202-й і 203-й. Першы раз школу давялося памяняць, калі мы пераехалі з Зялёнага Лугу ва Уручча. Наступная змена месца навучання была звязаны з тым, што 202-я школа мела эстэтычны напрамак, а 203-я — фізіка-матэматычны. Мае бацькі — інжынеры па адукацыі, таму вырашылі накіраваць мяне па такім жа шляху, маўляў, спецыялісты з тэхнічнай адукацыяй заўсёды будуць патрэбны.


Школьныя настаўнікі вельмі моцна паўплывалі на мяне ў розных напрамках жыцця. Калі ўзнікае кантакт паміж вучнем і педагогам, ён можа даць маленькаму чалавеку многае, на што вучань потым, у дарослым узросце, зможа абапірацца.


З педагогамі адносіны складваліся па-рознаму, але я заўсёды быў любімчыкам у настаўнікаў рускай мовы і літаратуры і фізкультуры. І гэта пры тым, што з’яўляўся не самым лепшым вучнем па мове і літаратуры і далёка не самым галоўным школьным чэмпіёнам. Гэта праяўлялася вельмі цікава.


Чалавек, якога памятае, відаць, не адно пакаленне навучэнцаў нашай школы, — гэта настаўнік рускай мовы і літаратуры Вячаслаў Леанідавіч Клімовіч. Мікрараён, у якім жыла мая сям’я і дзе знаходзілася наша школа, межаваў з вёскай Копішча, дзе жыў гэты педагог. Ён быў сапраўдны славянскі мужык: у добрай фізічнай форме, насіў вусы, а калі збіраў руку ў кулак, мы дзівіліся, што кулак можа быць настолькі вялікім. І калі ён стукаў кулаком па стале, мы заміралі. Ён навучыў нас самаму галоўнаму — імкненню да ведаў і спробам знайсці нешта цікавае. Пастаянным заданнем на кожны ўрок рускай мовы было знайсці новае складанае слова. Пры праверцы дамашняга задання абавязкова неабходна было правільна запісаць на дошцы нейкае складанае слова, якое дыктаваў хтосьці з аднакласнікаў. У 6—7 класах гэта было вельмі эфектыўна і прымушала нас корпацца ў слоўніках і шукаць новыя словы. Калі мы сталі старэйшымі, такія заданні ўжо не ўяўлялі цікавасці. Вячаслаў Леанідавіч заваяваў наш аўтарытэт найперш сваёй харызмай. Потым ён аднойчы здзівіў нас, вокам адкрыўшы бутэльку газіроўкі (я амаль упэўнены, што гэта быў розыгрыш, але мы ўсё роўна паверылі настаўніку). Ён прымушаў нас вучыцца і развівацца.


З гэтым педагогам звязана яшчэ адна гісторыя. Вячаслаў Леанідавіч пісаў вершы. Яму вельмі хацелася іх апублікаваць, але такой магчымасці ў той час не было. І ён адпраўляў творы на конкурсы, падпісваючы іх маім імем. Аднойчы ён прынёс мне газету з вершам пераможцы конкурсу да 30-годдзя Першамайскага раёна. Верш быў падпісаны “Дзіма Кахно”. Да гэтага моманту я не ведаў, што ён падпісвае вершы маім імем. (Смяецца.)


З дзяцінства ў мяне была вельмі вялікая цяга да чытання. Напачатку гэта прывівалі бацькі, прымушаючы чытаць па 10 старонак у дзень. Было нецікава і сумна, і гэтыя старонкі здаваліся бясконцымі. Я нават кнігу памятаю: “Чёрный красавчик” Ганны Сьюэл — адна з найбольш вядомых у свеце кніг аб жывёлах расказвае пра прыгожага каня. Але калі я адкрыў для сябе “Прыгоды Рабінзона Круза”, усё пайшло само сабой. Так я палюбіў літаратуру і паглынаў яе тонамі. Мая начытанасць (перавагу я аддаваў жанру фэнтэзі) дазваляла мне добра пісаць дыктоўкі. Я мог дапусціць памылку ў пастаноўцы знакаў прыпынку — пунктуацыя ў мяне была, можна сказаць, аўтарская (смяецца), але з арфаграфіяй усё было ў парадку. Справа ў тым, што я запамінаў словы візуальна і пісаў іх правільна, нават не ведаючы правіл.


У каледжы гісторыя паўтарылася. Я ніколі не імкнуўся вучыць мову і літаратуры. Усё ішло само сабой. Але выкладчык у пэўны час паведаміла мне, што я іду на алімпіяду па рускай мове і літаратуры. Гэта было вельмі сур’ёзна, бо на алімпіяды адпраўлялі вельмі добрых навучэнцаў. І раптам сярод іх я! Матывацыя была жалезная: “Не пойдзеш — не пастаўлю залік!”


Уявіце: у зале камісія з васьмі жанчын-выкладчыц і сарака дзяўчат-удзельніц. І сярод іх я — адзіны хлопец. Заданні былі асаблівыя: трэба было напісаць дыктоўку, пераказ, сачыненне і прачытаць верш. Дыктоўку, як заўсёды, я напісаў добра, а сачыненне і пераказ, як і абяцаў, заваліў. Дайшла чарга да дэкламацыі верша.


Уявіце сабе сітуацыю: сорак удзельніц адна за адной высокімі дзявочымі галасамі чытаюць ліст Таццяны да Анегіна. І тут выходжу я і пачынаю гучным голасам, у якім ужо прарэзаліся барытанальныя фарбы, чытаць: “Я памятник себе воздвиг нерукотворный…” Сыходзіў са сцэны я пад апладысменты і, безумоўна, гэтую частку алімпіяды выйграў. (Смяецца.)


— Поспех прыйшоў ужо тады?


— Гэта быў не поспех, але пэўныя перадумовы ўжо адзначаліся. Яшчэ ў чацвёртым класе, калі перайшоў у 202-ю школу, атрымаў крыўдную мянушку Кока-кулямёт — з-за таго, што пісаў хутчэй за ўсіх вучняў нашага класа.


Ды і ў дзіцячым садку чытаць умелі толькі двое: я і мой сябар Вася-акулярык. І мне заўсёды было вельмі крыўдна, што Васю часцей аддавалі перавагу чытаць услых кніжку ўсім дзецям. Добра, што ён насіў акуляры і мне было да чаго дачапіцца. (Смяецца.)


— Каго з настаўнікаў найбольш запомнілі?


— Яшчэ ў 122-й школе ў нас была настаўніца вельмі сталага веку. І неяк яна расказала, як у час вайны яе ў цягніку везлі ў канцэнтрацыйны лагер. Разам з ёй знаходзіліся яе сябры і сваякі. Па шчаслівай выпадковасці, на адной станцыі немцы забыліся зачыніць вагон, у якім везлі гэтых людзей. І яны на хаду, каб уратавацца ад смерці, выскоквалі з вагона. Нас вельмі ўразіла гэтая гісторыя і, відаць, таму настолькі запомнілася.


З часу вучобы ў каледжы і гульні ў валейбольнай зборнай засталася ў памяці трэнер Алена Канстанцінаўна Гейсік. Гэта адзіны выкладчык, якога за спінай мы называлі мамай (яна гэта вельмі не любіла). Яна важдалася з намі, як сапраўдная маці: сваім выхаванцам дапамагала ў паступленні і вучобе, атрыманні стыпендый, уладкаванні ў інтэрнаце, у здачы праблемных экзаменаў і залікаў, абароне дыплома, нават у працаўладкаванні і прасоўванні па кар’еры. (Смяецца.) І тры разы на тыдзень, кожны раз пасля трэніроўкі, мы ўсёй камандай чакалі, пакуль яна зачыніць спартыўную залу, і абавязкова ўсе разам ішлі да метро.


— Ці бываеце ў сваёй школе?


— Апошні раз быў там улетку 2017 года. Неяк раздаўся тэлефонны званок — мяне запрасілі правесці выпускны баль… у маёй 203-й сярэдняй школе. Канечне, я адразу пагадзіўся. Прыехаўшы ў школу, адзначыў, якой маленькай яна стала. У дзяцінстве ўсе памяшканні школы — класы, раздзявальні, сталовая — здаваліся такімі вялікімі, а зараз нібы сціснуліся.


Па магчымасці падтрымліваю стасункі з аднакласнікамі. А вось трапіць на вечар сустрэчы з выпускнікамі магу, на жаль, вельмі рэдка з-за рабочага графіка. Часам сустракаю настаўнікаў, з якімі да сённяшняга дня засталіся вельмі цёплыя і паважлівыя адносіны. І на школу зуб я ніколі не меў, бо лічу, што гэта самае светлае, што ёсць у жыцці кожнага чалавека. Ды і адчуваю сябе я не зусім як выпускнік, бо пасля 9 класа паступіў у каледж. На маю думку, свядомы школьны канэкт нараджаецца менавіта ў апошнія два гады — у старшай школе.


— Хто выбіраў навучальную ўстанову, у якую трэба ісці пасля школы?


— Мая маці вельмі хвалявалася за мой далейшы лёс і баялася, што з маімі поспехамі (хаця вучыўся я на моцную “чацвёрку” па пяцібальнай шкале) пасля 11 класа я нікуды не паступлю, таму, даведаўшыся, што мой аднакласнік Жэня Рован падае дакументы ў каледж сувязі, параіла і мне паспрабаваць паступіць туды.


Экзамены я здаў на “тройкі” і ша